top of page

Хто не ведае свайго мінулага,  у таго няма будучыні…

          У ДУА «Клайшанская базавая школа» ёсць цудоўны музей “Спадчына”. Нягледзячы на тое, што музей існуе зусім нядаўна, але ўжо на сённяшні дзень ён здзіўляе вялікай колькасцю цікавых экспанатаў. Гэта не толькі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя ў самых розных тэхніках, але і этнаграфічныя экспанаты – розныя прадметы хатняга ўжытку і сялянскага побыту.

          Датай заснавання музея лічыцца 26 студзеня 2014 года. Першапачаткова ён называўся этнаграфічны пакой “Спадчына”, а з 2015 года  стаў этнаграфічна-краязнаўчым музеям. Заснавальнікам музея лічыцца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вільчэўская Г.А. Экспанаты музея сістэматызаваны па такіх накірунках, як “Народнае адзенне”, “Ткацтва”, “Вышыўка”, “Прылады працы”, “Бабін кут”, “Посуд” і іншыя. Уваходзіш у памяшканне - і вочы разбягаюцца: столькі тут усяго цікавага. Тэматыка экспазіцый сведчыць аб найбольш тыповых існуючых з’явах этнаграфіі і побыту сялянскай хаты. Амаль усе прадметы арыгінальныя, за выключэннем тых, што адноўлены па чарцяжах. Гэта прылада для здымання абутку, прэс для адціскання сыру.

         Гонарам музея з’яўляюцца яго экспанаты: рэчы і прадметы, якія ляжалі ў сенцах, хляве, на гарышчы бабуліных хат ці ў куфры. Гэта ручнікі, сурвэткі з аўтэнтычнымі ўзорамі, посцілкі, настольніцы, збаны – чаго тут толькі няма! Кожная рэч мае свой цікавы лёс, адметны характар. Мы ганарымся, што маем такія рэдкія рэчы, як прылада для здымання абутку, калаўроты для прадзення воўны ці кудзелі і вялізную ступу  з таўкачом.

         На покуці хаты-музея – абразы, а каля драўлянага ложка, засцеленага саматканай дзяругай, падвешана калыска для немаўляці. Адно з галоўных месцаў  займае печ і кросны, або ручны ткацкі станок. Калісьці гэтая прылада апранала ўсю сям’ю.

         Шматлікія экспанаты шырока выкарыстоўваюцца на ўроках, інфармацыйных і класных гадзінах, у выставах. Аздабляюць інтэр’ер агульнашкольных і раённых мерапрыемстваў.

         У некаторых рэгіёнах народныя промыслы забываюцца, але ў нашай мясцовасці – зусім іншая справа. Тут на працягу многіх стагоддзяў жанчыны і дзяўчаты  зберагалі хараство вышыўкі. Таму значнае месца ў музеі займаюць ручнікі – тканыя і вышываныя.

         У рамках дзейнасці музея настаўнікі і вучні сабралі добры матэрыял этнаграфічнага профілю, таму што наладзілі цесную сувязь з носьбітамі мясцовага фальклору і ўжытковых рамёстваў. Навучыліся многаму: пячы хлеб і плесці кошыкі, даведаліся пра сакрэты лозапляцення, вышыўкі. Вучням цікава ажыццяўляць этнаграфічныя вандроўкі, заходзіць у хаты да вяскоўцаў, запісваць іх аповеды, рабіць фотаздымкі і відэазапісы, каб пасля аналізаваць і сістэматызаваць матэрыял. Школьнікі імкнуцца зразумець сутнасць народных абрадаў, знаёмяцца з сімваламі народнага ручніка, народнага    адзення і дыялектнымі асаблівасцямі гаворкі.

          Каб зберагчы народныя традыцыі і асаблівасці нашага мястэчка, няма лепшага сродка, як этнаграфічны музей “Спадчына”. Гэта цэнтр актыўнай і плённай працы па адраджэнні матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны палескага рэгіёна. Музей зберагае памяць аб сваіх продках, захоўвае прадметы даўніны і беражліва перадае моладзі ўспаміны пра побыт дзядоў і прадзедаў, распавядаючы  нашчадкам пра іх жыццё. Ён дапамагае фарміраваць у вучняў павагу да роднага краю, каб дзеці ніколі не цураліся сваіх каранёў, каб ганарыліся тым, што нарадзіліся ў такім цудоўным краі.

bottom of page